ЕЗ заклікаў Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару



Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд глыбока занепакоены вынясеннем двух новых прысудаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, распаўсюджанай прэс-службай Савета Еўропы.

„Я зноў выказваю наша расчараванне і смутак з нагоды таго, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую нечалавечую і несправядлівую меру, якая цалкам супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, — сказаў Ягланд. — Пакаранне смерцю застаецца асноўнай перашкодай для далучэння Беларусі да Савета Еўропы. Я заклікаю ўлады Беларусі тэрмінова ўсталяваць мараторый на прымяненне вышэйшай меры пакарання ў якасці першага кроку да яе поўнай забароны”.

Ягланд таксама заклікаў улады змякчыць ўжо вынесеныя смяротныя прысуды.

Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што Еўразвяз выступае катэгарычна супраць прымянення смяротнага пакарання. У заяве, размешчанай на сайце ЕСЗД, яна падкрэсліла, што прымяненне смяротнай кары ідзе насуперак з заяўленай гатоўнасцю Беларусі супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю.

„Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё і з’яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным пакараннем, якое прыніжае годнасць, — сказала Качыянчыч. — Еўрасаюз працягвае падымаць гэтыя пытанні з беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях, у тым ліку на ўчарашнім дыялогу па правах чалавека ў Бруселі”.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня прыгаварыў да смяротнай кары двух з чатырох фігурантаў справы „чорных рыэлтараў” Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога. Яшчэ два фігуранты асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення: Таццяна Гершанкова — на 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці; Барыс Калеснікаў — на 22 гады і адзін месяц калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

belapan.by