ЕЗ зацвердзіў рашэнне пра падпісанне візавай дамовы з Беларуссю
Рада ЕЗ зацвердзіла рашэнне аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб палягчэнні выдачы візаў. Пра гэта сведчыць тэкст пастановы Рады Еўразвяза, апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕЗ, піша TUT.BY.
„Падпісанне ад імя ЕЗ Пагаднення пра спрашчэнне выдачы віз паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю з гэтага моманту дазволена, як толькі будзе завершана падрыхтоўка яго тэксту. Тэкст пагаднення будзе апублікаваны разам з афіцыйным рашэннем аб яго заключэнні”, — гаворыцца ў дакуменце.
У ім таксама паказана, што „гэтым старшыня Рады ўпаўнаважаны прызначыць асобу, упаўнаважаную падпісаць пагадненне”.
Прыняцце Радай ЕЗ рашэння пра падпісанне дакумента было перадапошнім этапам — зараз чакаецца толькі падпісанне пагаднення ўсімі бакамі.
Пагадненне па спрашчэнні візавага рэжыму прадугледжвае зніжэнне кошту віз да 35 еўра і прыняцце рашэння аб выдачы візы ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін выдачы можа павялічыцца да 30 дзён).
Цяпер усё ўпіраецца ў тэрміны падпісання пагаднення. Пасля падпісання пагаднення ўсімі бакамі яно ўступіць у сілу першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Аднак ужо ў лютым 2020 года пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы візаў Еўразвязам. Калі Беларусь і ЕЗ не паспеюць падпісаць пагадненне ў лістападзе, то беларусам за візу замест 60 еўра (менавіта столькі каштуе для нас „шэнген” цяпер) або замест 35 еўра (столькі візы будуць каштаваць пасля прыняцця пагаднення з ЕЗ) прыйдзецца заплаціць 80 еўра.
Раней чакалася, што для падпісання пагаднення пра спрашчэнне візавага рэжыму, якое дазволіць беларусам плаціць за „шэнген” 35 еўра, разглядаецца магчымасць прыезду ў Менск прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні. Але візіт адклалі з-за „пэўных накладак”.