Facebook і Instagram дазволяць заклікаць да смерці Лукашэнкі і Пуціна
Кампанія Meta, якая валодае сацсеткамі Facebook і Instagram, дазволіць карыстальнікам з Польшчы, Украіны і Расeі публікаваць запісы з заклікамі да смерці Уладзіміра Пуціна або Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на ўнутраную перапіску кампаніі. Такія пасты не будуць баніць, калі ў іх не будзе іншай мэты і калі яны не апісваюць месцазнаходжанне і метад забойства.

Жыхарам некаторых краін Meta таксама дазволіла заклікаць да гвалту супраць расейцаў і расейскіх салдатаў. Гэтае правіла распаўсюджваецца толькі на пасты з паведамленнямі пра расейскае ўварванне ва Украіну. Яно будзе дзейнічаць для жыхароў Арменіі, Азербайджана, Эстоніі, Грузіі, Венгрыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Расеі, Славакіі ды Украіны. У кампаніі кажуць, што на расейскіх ваеннапалонных правіла распаўсюджвацца не будзе. Пасля публікацыі прадстаўнік Meta Эндзі Стоўн удакладніў, што кампанія не прапусціць „заклікі да гвалту супраць расійскіх мірных жыхароў”.
