Facebook-суполку супраць акумулятарнага завода ўнеслі ў пералік экстрэмісцкіх
Мінінфарм Беларусі за раз заблакаваў сайты сямі ліквідаваных грамадскіх арганізацый. Стандартная інфармацыя пра блакаванне з’яўляецца пры спробе зайсці на сайты:
Абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» — perspektyva.org,
Беларускага ПЭН-цэнтра — penbelarus.org,
Беларускага камітэта Міжнароднай Рады ў пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін (ICOMOS) — icomos-belarus.by,
Беларускай асацыяцыі журналістаў — baj.by,
Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» — zbsb.org, Саюзу беларускіх пісменнікаў — lit-bel.org,
Экалагічнай арганізацыі «Экадом» — ecohome-ngo.by.
Таксама Міністэрства інфармацыі абнавіла рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды трапіла і супольнасць праціўнікаў будаўніцтва шкоднай вытворчасці пад Берасцем. Рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі суполкі «экстрэмісцкай» прыняў Ленінскі суд Берасця.
Нагадаем, што мясцовыя жыхары і грамадскія актывісты Берасця пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода з 2017 года. Пры будаўніцтве і пробным запуску было выяўлена шмат парушэнняў, на якія ўлада не звяртала ўвагі. Міліцыя затрымлівала людзей на мірных акцыях. Адбываліся масавыя хвалі рэпрэсій супраць праціўнікаў прадпрыемства: буйныя штрафы, суткі зняволення, пагрозы, розныя формы ціску, кампаніі ў дзяржаўных СМІ, каб ачарніць актывістаў, крымінальныя справы.
Блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, якіх у красавіку 2021 года пакаралі 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму, таксама былі актывістамі берасцейскай кампаніі супраць будаўніцтва завода.
Беларускае Радыё Рацыя