Фанатаў „Крамбамбулі”, што ўзнялі нацыянальны сцяг, пакаралі штрафамі (абноўлена)
У судзе Заводскага раёну Менска асудзілі Змітра Навуменку і Івана Лісаўца, якія 5 жніўня на канцэрце „Крамбамбулі” трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Але міліцыя абвінаваціла іх у дробным хуліганстве. Суд абвінавачванне падтрымаў, нягледзячы на тое, што ў паказаннях сведкаў-міліцыянтаў было шмат супярэчнасцяў.
Зміцер Навуменка і Іван Лісавец пакараныя штрафам у памеры 10 базавых велічынь – гэта 230 беларускіх рублёў. У бліжэйшы час яны вырашаць, ці будуць апратэстоўваць гэтую пастанову. Як кажа Іван Лісавец, спачатку трэба прыйсці ў сябе, а потым падумаць над абскарджванннем, таму што ніякага дробнага хуліганства з іх боку не было:
– Размахвалі бел-чырвона-белым сцягам. Вось і ўсё.
Па словах хлопцаў, умовы падчас іх утрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на працягу 2 сутак былі кепскімі, асабліва спачатку. Як сказаў Зміцер Навуменка, да іх ставіліся, як да звычайных крымінальнікаў-рэцыдывістаў:
– Усе гэтыя загады: „Стой так!”, „Ідзі сюды!” ў грубай, нецэнзурнай форме для чалавека, які судом не прызнаны вінаватым і не лічыцца зняволеным. Гэта занадта грубая форма зносін з боку праваахоўных органаў.
Таксама хлопцы адзначылі, што іх не кармілі паўтары сутак. А пасля пераводу з Заводскага РУУС у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў больш за 6 гадзін трымалі ў невялікім памяшканні, прыкладна 4 на 4 метры, у якім знаходзілася 22 чалавекі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара
* * *
5 жніўня на канцэрце “Крамбамбулі” двое хлопцаў разгарнулі бела-чырвона-белы сцяг.
Пасля канцэрта сябры хлопцаў паведамілі праваабаронцу Валянціну Стэфановічу, што Іван Лісавец і Зміцер Навуменка не вярнуліся дадому. Праваабаронца даведаўся, што хлопцаў затрымала міліцыя і ноч яны правялі ў РУУС Заводскага раёна г. Мінска. На іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП – “Дробнае хуліганства”. Сёння іх этапавалі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а 7 жніўня адміністрацыйныя справы супраць хлопцаў разгледзіць суд Заводскага раёна г. Мінска.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае:
“На жаль, гэта штодзённая абыдзеннасць у Беларусі: людзі пайшлі на канцэрт, узнялі гістарычны сцяг і апынуліся ў пастарунку. Хутчэй за ўсё, у пратаколах будзе пазначана, што яны лаяліся, махалі рукамі, на патрабаванні міліцыянераў не звярталі ўвагі.
На мове праваабаронцаў гэтая сітуацыя гучыць, як “сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў краіне”.