Фармат акцыі 29 снежня ў Менску зменены



Адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мітынгаў у падтрымку незалежнасці Беларусі не перашкодзіць правядзенню новых мерапрыемстваў. Так, запланаваная ў Менску на 29 снежня акцыя супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, якую рыхтаваў арыштаваны напярэдадні сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, усё ж такі адбудзецца. Аднак яе час і фармат змененыя. Так вырашана на нарадзе кампаніі „Абаронім незалежнасць”, якую арганізавалі прадстаўнікі асноўных дэмакратычных партыяў і арганізацыяў Беларусі- распавядае лідар Руху „За свабоду” – Юрась Губарэвіч:

– Гэтая нарада была ініцыяваная па просьбе Паўла Севярынца. Мэта гэтай нарады – выпрацаваць супольны падыход да фармату акцыі пратэсту. Мы разглядзелі шматлікія варыянты, улічылі пэўныя недахопы, зрабілі высновы з папярэдніх акцый. Было прапанавана, што ва ўмовах зачысткі, якая пачалася, калі ўлады склалі дзясяткі пратаколаў па адміністрацыйных справах супраць удзельнікаў папярэдніх акцый пратэсту, найбольш лагічным было б правесці акцыю дэцэнтралізаваную ў фармаце ланцуга.

Гэты жывы ланцуг плануецца арганізаваць з 15.00 да 15.30 у нядзелю 29 снежня ад Галоўнага паштамту каля плошчы Незалежнасці – да Кастрычніцкай плошчы. Ён пройдзе замест планаванага раней мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. У нарадзе па падрыхтоўцы акцыі таксама удзельнічалі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі „Зялёныя”, Беларускай сацыял – дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя