Фармат „Чарнобыльскага шляху” будзе залежаць ад уладаў
Створаны арганізацыйны камітэт па адзначэнні ўгодкаў трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У яго ўвайшлі восем грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Сёлета 26 красавіка мінае 32 гады з дня найвялікшай энергетычнай катастрофы. Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, фармат і маштаб акцыі будзе залежаць у пэўным сэнсе ад рашэння ўладаў: як хутка яны дадуць дазвол на мерапрыемства. Тым больш, што, на думку палітыка, улады спалохаліся вялікай колькасці людзей, якія прыйшлі на канцэрт да Опернага тэатра на 25 сакавіка:
– Аказалася, што ў Беларусі ні 100, і ні 300 адмарозкаў, як любяць казаць прадстаўнікі беларускай улады, а гэта дзясяткі тысяч прыхільнікаў пераменаў. І таму я прагназую, што будзе вельмі складана дамаўляцца з уладамі, а ад гэтага залежыць вельмі шмат. Калі нам удасца дасягнуць дамовы зараз і цяпер і на падрыхтоўку будзе багата часу, то мы пастараемся, каб гэта было арганізавана, адпаведна сённяшняму часу і чаканням людзей.
Першы “Чарнобыльскі шлях” у Беларусі прайшоў у 1989 годзе. У апошнія гады падчас мерапрыемства ўздымаюць таксама праблему будаўніцтва Астравецкай АЭС на Гарадзеншчыне. Сёлета таксама пачалі гучаць галасы, каб замест шэсця арганізаваць канцэрт-рэквіем.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by