Фармат святкавання 100-годдзя БНР скарэктуюць?



Менскі гарвыканкам прапануе аргкамітэту па святкаванні 25 сакавіка 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі скарэктаваць фармат вулічных мерапрыемстваў.

Заяўка на правядзенне акцыі — традыцыйнай дэманстрацыі і мітынгу, а таксама канцэрта ў цэнтры горада — была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня.

Паводле інфармацыі БелаПАН, сталічныя ўлады прапануюць аргкамітэту падаць новую заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрта ў парку імя Янкі Купалы.

Увечары 26 лютага адбудзецца пасяджэнне аргкамітэта, які абмяркуе фармат акцыі.

Заяўку на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, што ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні мерапрыемства: Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі „Беларускі рух”, ініцыятыва „Дзея”, прафсаюз РЭП, рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць”, кампанія „Еўрапейская Беларусь”.

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР быў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”, у шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не здолела рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расейскімі бальшавікамі і польскімі войскамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гародню.