Фэйкі і інфармацыйныя войны абмеркавалі ў Гародні
У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця на сустрэчы з вядомым журналістам і медыя экспертам Паўлюком Быкоўскім гарадзенскія журналісты і грамадскія дзеячы размаўлялі пра сучасны свет журналістыкі. Галоўнай тэмай былі фэйкавыя навіны і змены ў сучасным інфармацыйным свеце.
Якія змены чакаюць традыцыйную журналістыку распавядае Паўлюк Быкоўскі:
— Змены традыцыйнай журналістыкі мы ўжо назіраем, і гэты трэнд будзе працягвацца. І , прыкладна гадоў праз пяць, уладкуецца сістэма, у якой будзе невялічкая частка медыя, якія будуць працаваць якасна і даваць факты асобна, меркаванні асобна і пазбаўляць усё ад хлусні. Хутчэй за ўсё гэта будуць падпісныя выданні, дзе спажыўцы будуць плаціць за тое, што яны чытаюць. У некаторай ступені гэта могуць быць грамадскія медыя, як напрыклад BBC.
На думку адной з арганізатарак сустрэчы, журналісткі Вольгі Корсун тэма пра змены ў інфармацыйным свеце – цікава не толькі журналістам, але і ўсім гарадзенцам:
— Досыць актуальна, як для журналістаў так і для простых гараджан, бо цяпер ствараецца новая медыйная рэальнасць, у якой мы ўсе жывем, і, вядома, трэба вучыцца, трэба ведаць, як на ўсё гэта рэагаваць. У тым ліку і на з’яўленне фэйкавых навін і на той ціск, які можа быць звонку на нашу медыйную прастору. Мне падаецца, што сустрэч прайшла вельмі цікава: людзі вялікімі імпэтам абмяркоўвалі, што з гэтым рабіць і як нам жыць далей.
HrodnaMediaRoom, у межах якога і адбылася гэта сустрэча з медыяэкспертам Быкоўскім, стаў месцам, дзе гарадзенцы ужо змаглі пазнаёміцца з вядомымі журналістамі і медыя экспертамі як з Беларусі, так і з іншых краін.
Беларускае Радыё Рацыя