Фемблогерку асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах
У судзе Ленінскага раёна Менска 5 красавіка да 2,5 гадоў зняволення асудзілі фемблогерку Дар’ю Ціханаву (Афанасьеву).
Суддзя Анастасія Ачалава прызнала яе вінаватай па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Менску. Доказамі па справе сталі яе фотаздымкі на Маршах. Пракурор запрашваў для яе тры гады зняволення. Актывістка ўтрымліваецца ў СІЗА-1.
Дар’я — актывістка, фемблогерка вядомая як „Дафна”. У Instagram дзяўчына вяла асветніцкую працу, распавядала пра сэксізм і фемінізм. У яе было каля 10 тысячаў падпісчыкаў (цяпер яе акаўнт выдалены). Да затрымання Дар’я працавала мэнэджэркай па развіццю персанала.
Яе затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 28 снежня — „пакаяльнае відэа” з ёй з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах. Ёй выставілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ў СІЗА. Да суда яна ўтрымлівалася пад вартай тры месяцы. Вядома, што яна нейкі час находзілася ў адной камеры з экс-кіраўніцай „Радзіславы” Вольгай Гарбуновай.