Фермер: Нам перашкаджае ўлада
„Сельская гаспадарка ў Беларусі можа адрадзіцца хутка, але для гэтага фермерам трэба даць свабоду і не дыктаваць ім цэны”, – кажа былы фермер Іван Бяльчук з вёскі Арлянка Маларыцкага раёну, які мае 74 гады. У 1992 годзе ён з трыма сынамі арганізаваў чатыры фермерскія гаспадаркі, якія былі закрыты ў 1995 годзе з прычыны адмовы мець у кожнай з іх бухгалтара.
„Працавітым, кемлівым гаспадарам, якія марылі зрабіць з Беларусі – Амерыку, заўсёды замінала дзяржава”, – кажа Іван Бяльчук:
– Трэба даць свабоду і не дыктаваць цэны, сын Саша здае малако – 3 тысячы літр малака. Проста абы выжыць, бо ў вёсцы няма працы, абы пражыць, а прыбылі ніякай няма. Салярка 11.700, як апрацуеш зямлю? У мяне ёсць тэхніка, трактары ёсць, усё ёсць, але я не хачу сеяць, бо не мае сэнсу.
Вытрымаў толькі сын Івана Бяльчука – Аляксандр, які мае 52 гады. Ён скараціў фермерскую гаспадарку да ўзроўню дапаможнай.
[Not a valid template]
„Але ўлада і да гэтага часу не дае спакойна працаваць”, – кажа Аляксандр Бяльчук:
– У мяне восем дзяцей, таму пакуль мы даем рады, у нас 57 гектараў зямлі. Мы на дадзены момант трохі займаемся гароднінай на дзесяці сотках, 57 гектараў зямлі – гэта сенакосы і пашы. Гаспадарка была 80 галоў, стала 40. У нас ёсць тэхніка, у нас усё ёсць, але нам перашкаджае ўлада, яна адварочваецца ад народа.
Цяпер на Аляксандра Бельчука заведзена крымінальная справа. За непадпарадкаванне міліцыі і нібыта супраціў з ужываннем сілы. Ён не дазволіў канфіскаваць міліцыі самаробны трактар. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення. Справа – на стадыі судовага разбіральніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гукавы файл матэрыяла