Фэст грамадскай актыўнасці адбудзецца ў Аршанскім раёне
У вёсцы Стаўры Аршанскага раёна 17 жніўня адбудзецца Фэст грамадскай актыўнасці. Розныя грамадскія арганізацыі ды ініцыятывы рэгіёна прадставяць на фэсце свае прэзентацыі, распавядуць пра дзейнасць і паспрабуюць знайсці новых прыхільнікаў.
Акрамя таго, лепшыя па выніках года будуць адзначаныя прызамі, гаворыць адзін з арганізатараў Фэсту Ігар Казмерчак:
– У нас год працавала журы, якое, назіраючы за грамадскімі арганізацыям нашага рэгіёну, вызначала якія з іх працавалі найбольш актыўна, найбольш эфектыўна ў дачыненні да людзей. Мы ўзнагародзім найбольш актыўныя арганізацыі спецыяльнымі дыпломамі. Гэта кшталту такой нашай рэгіянальнай прэміі, якая мусіць стымуляваць грамадзянскую актыўнасць у рэгіёне.
На заканчэнні фэсту адбудзецца канцэрт Андруся Такінданга. Прыме фэст грамадскай актыўнасці аграсядзіба “Пуцяціна” ў вёсцы Стаўры пад Воршай.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя