Фэст Lidbeer-2018 набраў размах (фотарэпартаж)



Чарговы піўны фэст Lidbeer-2018 сёлета праходзіць пад дэвізам „Давай зробім гучна!”. Гасцям Ліды і яе насельнікам на гэты раз прапанавана надзвычай насычаная і змястоўная праграма, дзе знаходзіцца месца разнастайным канцэртам, выступам самадзейных артыстаў, вулічных мімаў.

Цэнтральныя вуліцы гораду, якія прымыкаюць ці вядуць да замку, перакратыя для руху аўтатранспарту. На іх размясціліся шматлікія народныя майстры, умельцы, якія гандлююць сваімі мастацкімі вырабамі. Арганізаваныя разнастайныя выставы, праходзяць квэсты, выступы цыркавых артыстаў. Зроблены пляцоўкі для забавы дзяцей. Сёлета Ліда адзначае да ўсяго 695 год з часу заснавання.

І канешне паўсюль многа месцаў для спажывання піва, рознага кшталту кегляў, бочак і іншых кропак па разліве свежага прахалоднага напою. Над цэнтральнай часткай гораду раз-пораз праляталі самалёты і цэлы час кружлялі шрубалёты.

Лідскі фэст па сваёй арганізацыі і афармленні выйшаў на сапраўды еўрапейскі ровень. На Lidbeer-2018 прыемна шмат беларускамоўнай рэкламы, аформлены ён з густам і радуе шматлікіх наведнікаў. Асноўная канцэртавая праграма адбудзецца ўвечары. Яе хэдлайнерамі стануць украінскі гурт „Воплі Відоплясова” і расейскі „Ленинград”.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара