Фэст „Мядзведзь” на Глыбоччыне



На Глыбоччыне ўпершыню прайшоў фэст “Мядзведзь”. Яго арганізаваў кааператыў “Велесаў шлях” сумесна з партнёрамі на сядзібе “Мядзвежы кут”.

Фэст пазіцыянаваўся як свята моцных, актыўных і тых, хто шануе прыроду і не валяецца на канапе, нягледзячы на надвор’е. А з надвор’ем, сапраўды, не пашчасціла, увесь дзень ішоў дробны дождж, але гэта не спалохала народ. Госці завіталі не толькі з суседніх раёнаў, але прыехалі нават з замежжа: Расеі ды Германіі.

Па словах гаспадыні сядзібы “Мядзвежы кут” Алены Верташонак, зладзіць фэст восенню ім прапанавалі іх сябры, і вось ён адбыўся, дзякуючы іх падтрымцы.

– Гэта было вельмі складана, але вельмі пазітыўна. Я не ведала, што столькі сяброў у нас ёсць, якія пагадзіліся нас падтрымаць. Гэты фестываль адбыўся толькі дзякуючы нашым сябрам. Зараз восень – сезон, таму гэта спаборніцтва грыбнікоў, паляўнічых і рыбаловаў. Каманды сабраліся мегапазітыўныя, якія зрабілі ўвесь фестываль.

Падчас фэсту прайшлі спаборніцтвы паміж трыма камандамі: “Паляўнічыя”, “Грыбнікі”, “Рыбаловы”. Перамагла каманда “Рыбаловаў”, якая атрымала суперпрыз ад гаспадароў – адпачынак на сядзібе “Мядзвежы кут” на суму 600 беларускіх рублёў ды іншыя прызы.

Кажа прадстаўнік каманды “Рыбаловы” Андрэй:

– Хачу вялікі дзякуй сказаць арганізатарам фестывалю, які называецца «Мядзведзь». Няхай у нас працягваецца вось гэтае яднанне з прыродай. У нас не толькі ёсць камп’ютары, інтэрнэты. Трэба дзяцей прывучаць да прыроды, тут вельмі добра, тут класна, тут супер.

На фэсце ладзілася выстава-продаж экапрадукцыі і вырабаў рамеснікаў, адбыліся сустрэча гаспадароў сядзібаў Глыбоцкага раёна, квэст, музычная праграма, фаер-шоў, лазня і агульная бяседа.

Таццяна Смоткіна