Фэст у гонар св. Марыі-Магдалены ў Новалукомлі



Фэст у гонар святой Марыі-Магдалены прайшоў у Новалукомлі.

Падчас імпрэзы ў мясцовым касцёле адбылася святочная літургія, выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, працэсія вакол касцёла і агульны пачастунак. Напрыканцы свята перад вернікамі ды іншымі мясцовымі жыхарамі выступілі беларускія спевакі Ірына Раманоўская і Алег Сямёнаў. На свяце прысутнічаў і ксёндз Марэк Казмерчык з Польшчы, які раней служыў у Беларусі.

Паводле ксяндза Мікалая Ліпскага, пробашча парафіі ў Новалукомлі, фэст у гонар святой Марыі-Магдалены ў іх праходзіць традыцыйна штогод:

– Кожны з нас мае дзень народзінаў, кожная парафія, касцёл мае свае тытулы, мае свайго заступніка. У нашым выпадку заступніцай Новалукомля з’яўляецца Марыя Магдалена. Кожны год мы ладзім парафіяльны адпуст разам з фэстамі, дзе можна памаліцца, ачысціць сваю душу, узбагаціцца духоўна, а таксама культурна адпачыць.

Святая Марыя-Магдалена лічыцца апякункай жанчын і цырульнікаў. Яе заступніцтва просяць ад болю вачэй. У Касцёле яе звычайна ўзгадваюць 22 ліпеня.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя