Фестываль сучаснага беларускага мастацтва ў шляхецкай сядзібе



Фестываль сучаснага мастацтва „Дах„, прысвечаны памяці знакамітага дзеяча Тадэвуша Рэйтана, пройдзе 20 жніўня.

Мерапрыемства адбудзецца на сядзібе роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. 8 жніўня адзначаецца гадавіна смерці Тадэвуша Рэйтана. Менавіта з гэтай нагоды пройдзе 32-гі па ліку фестываль „Дах„.

У праграме імпрэзы лекцыі пра Тадэвуша Рэйтана і яго знакамітых сваякоў. Таксама пройдуць тэматычныя мастацкія выставы, сярод якіх “Род Рэйтанаў. Асобы падзеі” Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча, „Рэтраспектыва твораў Уладзіміра Крукоўскага”, гульні і майстар-класы па лінагравюры, фехтаванні, кулінарыі.

У музычнай частцы фэсту адыграюць розныя выканаўцы, сярод якіх гурт Re1ikt, Віктар Сямашка і Кумпанія, Тодар Кашкурэвіч і іншыя. Поўная праграма ДАХ-32 знаходзіцца тут.

Уваход на фестываль вольны.

Тадэвуш Рэйтан быў дэпутатам Сойма Рэчы Паспалітай ад Новагародскага ваяводства ВКЛ. Належыў да ліцвінскай галіны абшарнікаў прускага паходжання, асеўшых у ВКЛ у XVII ст. Ён і некалькі шляхцічаў спрабавалі ўсімі магчымымі сродкамі сарваць так званы „Вальны сойм”, на якім адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Менавіта яму належыць фраза: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!».

Адметна, што фестываль пройдзе на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў — помніка сядзібна-паркавай архітэктуры канца XVIII — пачатку XX ст. Па звестках, Тадэвуш Рэйтан пахаваны ў капліцы на тэрыторыі сядзібы.

Фестываль сучаснага мастацтва ДАХ праводзіўся з 2001 года ў Берліне, Менску і іншых гарадах. У 2013 годзе ў нетрах куратарскай групы фэсту была створана Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.