Фестываль WATCH DOCS Belarus 2020 адкрыўся ў Менску



Cёмы Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus 2020 адкрыўся ў Менску. У праграме — у тым ліку тры стужкі беларускіх рэжысёраў пра гісторыі ахвяраў паслявыбарчых падзей. Гэтыя фільмы аб’яднаныя назвай “Трылогія: Беларусь 2020”.

Адкрыццё не адбылося без нечаканасцяў — першапачаткова правяддзенне фестывалю было запланавана на менскай пляцоўцы ОК 16 (на якой фестываль праходзіў і ў мінулым годзе). Але неўзабаве пляцоўка абвясціла, што ў яе рамонт — і яна не прадаставіць памяшканне.

Дырэктарка фестывалю Таццяна Яворская схіляецца да таго, што гэта — невыпадковасць:

– Я схіляюся да таго, што гэта якраз звязана з фільмамі пра падзеі жніўня. І таму ў гэтым годзе фестываль, напэўна, асаблівую ўвагу выклікае. І асаблівы клопат.

Перад праглядам першага фільма фестывалю прайшла хвіліна маўчання:

– І перш чым мы пагаворым пра гэты 7-ы фестываль, я хацела б запрасіць вас ушанаваць хвілінай маўчання тых, хто заўчасна пайшоў ад нас гэтым летам і восенню, але чые імёны назаўжды застануцца з намі.

Сёмы фестываль WATCH DOCS Belarus 2020 мае назву “Уважаемые граждане». Гэта адсылка да фразы з міліцэйскага рупара, якую часта чуюць людзі на мірных маршах пратэсту.

Поўную праграму фестывалю можна паглядзець на сайце watchdocs.by.

На адкрыцці выступілі звольненыя акторы Купалаўскага тэатра.

Адкрыццё фестывалю прайшло ў Галерэі TYT.BY.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск