Фігуранта «Справы патрыётаў» судзяць за знойдзены патрон (абноўлена)



Пракурор Аляксей Кісляк запрасіў для экс-фігуранта «справы патрыётаў» Андрэя Бяляўскага, які абвінавачваецца ў захоўванні патрона да аўтамата Калашнікава, пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і без канфіскацыі маёмасці.

На думку дзяржабвінаваўцы, змякчальнымі абставінамі з’яўляюцца прызнанне віны абвінавачаным у поўным аб’ёме, чыстасардэчнае раскаянне, а таксама атрыманыя судом станоўчыя характарыстыкі на яго. У сувязі з гэтым магчыма прымяненне самай мяккай санкцыі крымінальнага артыкула, падкрэсліў абвінаваўца.

Адвакат Вадзім Мушынскі ў сваю чаргу лічыць магчымым выкарыстоўваць у дачыненні да свайго падабароннага больш мяккага пакарання, чым тое, што прадугледжана артыкулам.

Прысуд будзе абвешчаны заўтра раніцай.

Патрон быў знойдзены аператыўнікамі падчас ператрусу ў доме Бяляўскага вясной 2017 года, калі ён праходзіў фігурантам па так званай «справе патрыётаў».

* * * 

Суд Ленінскага раёна Менска 11 студзеня разглядае крымінальную справу супраць менскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага.

Былы фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў абвінавачваецца ў захоўванні аднага патрона (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам, адзіны патрон ад аўтамата Калашнікава, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра і быў знойдзены падчас ператрусу ў сакавіку мінулага года, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для Андрэя Бяляўскага.

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – „Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках” і арт. 287 Крымінальнага кодэкса – “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Падчас ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.

Андрэй Бяляўскі ў час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным. 5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні гэтага хадайніцтва.

Суд пачаўся ў 10:30. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік. Абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксей Кісляк. Прымаецца рашэнне аб забароне фота- і відэаздымак. 

Пачынаецца допыт абвінавачанага. Андрэй Бяляўскі цалкам прызнае сваю віну ў захоўвані боепрыпаса – патрона ад аўтамата Калашнікава.

Ён распавядае, як напачатку лета 2013 года купіў у Рэчыцы аўтамабіль “Гранд Чэрокі». Праз некаторы час знайшоў у салоне аўто, каля задняга сядзення, патрон, які і забраў сабе ў якасці сувеніра.

Увесь час патрон знаходзіўся ў верхняй шуфлядзе стала, пакуль яго не знайшлі падчас вобшуку. Прычым, Бяляўскі дакладна не ведаў, ці прыдатны патрон, ці сапсаваны.

Суддзя запытваецца пра яго пазнанні аб прыдатнасці патрона, Андрэй кажа, што ў войску не служыў, таму асаблівых навыкаў няма.

Ён паведамляе, што ведаў пра адказнасць за захоўванне боепрыпасаў, але не ведаў пра колькасць, з якой пачынаецца адказнасць.

Адвакат запытваецца, ці памятаў падсудны ўвесь час пра патрон? Бяляўскі адказвае, што зусім пра яго забыўся і, калі б пра яго згадаў, то выкінуў бы.

У якасці сведкі запрашаюць выступіць маці Бяляўскага – Таццяну Філімонаву. Яна адмаўляецца ад дачы паказанняў, паколькі не хоча сведчыць супраць блізкага чалавека.

Агучваюцца вынікі экспертызы.

У судзе паведамляецца, што за перыяд з 2011 да 2014 года Бяляўскі прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Іншых правапарушэнняў не было.

Суддзя паведамляе пра заканчэнне судовага следства і абвяшчае перапынак да 14 гадзін.

Паводле spring96.org