Фігурантам справы «Прэс-клубу» працягнулі арышт яшчэ на два месяцы



Заснавальніцу «Прэс-клуба» Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, дырэктара «Акадэміі Прэс-клуба Сяргея Альшэўскага і аператара Пятра Слуцкага пакідаюць пад вартай да 22 жніўня. Пра гэта паведамляе Press Club Belarus. Экс-супрацоўніца БТ Ксенія Луцкіна, якая фігуруе ў гэтай справе, таксама на волю не выйшла.

Апошні раз фігурантам «справы Прэс-клуба» працягвалі тэрмін утрымання пад вартай на 2 месяцы ў красавіку. Супрацоўнікаў «Прэс-клуба» затрымалі 22 снежня. Тады ў офісе і кватэрах мэнэджараў «Прэс-клуба» правялі ператрусы. Заснавальніцу пляцоўкі Юлію Слуцкую сілавікі спынілі ў аэрапорце, калі яна з дачкой і ўнукамі вярталася з адпачынку. Юлію Слуцкую абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», астатніх — у саўдзеле. Толькі Сяргея Якупава як грамадзяніна Расеі дэпартавалі, ня выставіўшы абвінавачання. Блізкія арыштаваных пералічылі на рахунак Следчага камітэту амаль 110 тысяч рублёў у кошт забеспячэння кампенсацыі магчымай шкоды, аднак на статус затрыманых гэта ніяк не паўплывала. Юлія і Пятро Слуцкія, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Ксенія Луцкіна прызнаныя палітвязнямі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацсетак