Фігурантаў справы Коржыча пасадзілі



Сяржанты Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч, якія абвінавачваліся па справе аб гібелі радавога Аляксандра Коржыча, прыгавораныя да дзевяці, сямі і шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такое рашэнне на пасяджэнні Менскага абласнога суда 5 лістапада прыняў суддзя Алег Лапека.

Працэс праходзіў у будынку суда Маскоўскага раёна сталіцы.

Суд прызнаў іх вінаватымі на падставе чч. 1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабару і паўторнае атрыманне хабару), а таксама ч. 3 арт. 455 (перавышэнне ўлады, якое пацягнула цяжкія наступствы). Акрамя таго, Бараноўскага абвінавацілі па ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж).

Суд палічыў даказанымі факты таго, што летам—восенню 2017 года сяржанты бралі ў салдатаў грошы за дазвол карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў неналежны час; патрабавалі купляць ім цыгарэты і прадукты за дазвол наведваць краму і буфет; забіралі ў падначаленых прадукты; несправядліва каралі іх стамляльнымі фізічнымі практыкаваннямі, прыніжалі, здзекаваліся і білі іх. Суд таксама палічыў, што неаднаразовыя паборы, знявагі і фізічнае ўздзеянне з боку Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча сталі прычынай таго, што Коржыч учыніў суіцыд.

Ваеннаслужачых пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў, а таксама сяржанцкіх званняў. Суд пастанавіў канфіскаваць іх маёмасць.

Прыгавораным залічылі ў тэрмін пакарання час, які яны знаходзіліся пад вартай. Бараноўскаму і Скуратовічу залічыўся перыяд з 17 кастрычніка 2017 года, Вяжэвічу — з 19 кастрычніка.

3 кастрычніка 2017 года радавога 3-й вучэбнай танкавай роты 3-й школы 72-га Аб`яднанага навучальнага цэнтра Узброеных сіл (ваенны гарадок Печы ў Барысаве) Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале медыцынскай роты. Следства разглядала тры версіі здарэння: самагубства, наўмыснае забойства і давядзенне да самагубства. Асноўнай версіяй стала апошняя.

Абвінавачванне выставілі сяржантам з навучальнага цэнтра ў Печах Бараноўскаму, Скуратовічу і Вяжэвічу. Пацярпелымі прызналі сям`ю Коржыча і некалькі дзясяткаў салдат.

Працэс па справе аб гібелі радавога Коржыча пачаўся 8 жніўня і доўжыўся амаль тры месяцы з улікам некалькіх працяглых перапынкаў. На судзе сяржанты заяўлялі, што следчыя на іх маральна ціснулі і фізічна выбівалі прызнальныя паказанні. Генеральная пракуратура правяла праверку, але не знайшла пацвярджэння слоў абвінавачаных, палічыўшы, што такім чынам яны паспрабавалі дамагчыся змякчэння пакарання.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўвайшоў і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 дзён ва ўстаноўленым парадку.

Варта зазначыць, што Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч праходзілі пацярпелымі па крымінальнай справе супраць старшыны і камандзіра роты, у якой служыў загінулы Коржыч. Старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку і прапаршчыка Артура Вірбала судзілі па чч. 1 і 2 арт. 455 КК за перавышэнне паўнамоцтваў і прыгаварылі да шасці і чатырох гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

Працэс у дачыненні да Вірбала і Сукавенкі праходзіў асобна ад разгляду па справе аб гібелі Коржыча. Ім у віну не ставіліся дзеянні, якія маглі пацягнуць за сабой самагубства падначаленага.

belapan.by