Фігуранты новай справы графіцістаў адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе



Фігуранты новай крымінальнай справы графіцістаў — Дзмітрый Паліенка, Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева — вечарам 23 студзеня пасля допыту адпушчаныя з УУС Заводскага раёна пад падпіску аб нявыездзе, паведаміў БелаПАН адзін з паплечнікаў Паліенку.

„Рэчы Дзмітрыю не аддалі. На экспертызу дадаткова ўзялі куртку. Заўтра ў 15 гадзін ён зноў павінен быць у следчага”, — сказаў суразмоўца.

Паліенку, Чуліцкага і Гусеву затрымалі 21 студзеня і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

23 студзеня Следчы камітэт пацвердзіў узбуджэнне крымінальнай справы па арт. 341 за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкай ў Заводскім раёне Менска.

„У рамках расследавання крымінальнай справы па артыкуле 341 прызначана лінгвістычная экспертыза — мы чакаем яе вынікаў, праведзены шэраг аглядаў, канфіскаваныя рэчавыя доказы, расследаванне працягваецца. Некаторы час таму былі затрыманы тры чалавекі, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынства”, — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 22 снежня мінулага года Паліенка з сябрамі нанеслі графіці на сцяну аднаго з будынкаў на вуліцы Ахоцкай. Верагодна, супрацоўнікі міліцыі змаглі іх апазнаць па відэаздымцы з акцыі, нягледзячы на закрытыя маскамі твары. 21 студзеня Паліенку і Чуліцкага затрымалі. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасці яго маці прайшоў вобыск, які праводзілі чатыры супрацоўнікі следчых органаў. Былі канфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

Пасля затрымання з усімі трыма фігурантамі справы змаглі сустрэцца адвакаты, паведаміла БелаПАН актывістка Марына Касінерава — жонка Вячаслава Касінерава, аднаго з трох абвінавачаных па рэзананснай справе графіцістаў у 2015 годзе.

Дзмітрый Паліенка быў вызвалены 24 кастрычніка мінулага года з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальная справа ў дачыненні да яго была ўзбуджаная пасля велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. У той дзень больш за 30 чалавек сабраліся каля опернага тэатра, каб праехаць па горадзе на веласіпедах і заявіць аб правах веласіпедыстаў на дарозе. Міліцыя сцвярджала, што група веласіпедыстаў груба парушыла правілы дарожнага руху, выехала на праезную частку і не рэагавала на патрабаванні ДАІ. Паліенка быў адзіным удзельнікам акцыі, які зведаў крымінальны пераслед. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру. Незадоўга да суда Паліенку прад’явілі дадатковае абвінавачанне ў „вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару” на падставе ч. 2 арт. 343 КК. Актывіста прызналі вінаватым па абодвух артыкулах і прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Пасля гэтага ён некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і 7 красавіка 2017 года быў пазбаўлены адтэрміноўкі.

belapan.by