Фігуранты «справы прафсаюзаў» трапілі пад амністыю



Пракурор Цэнтральнага раёну Менску апавясціў лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча пра тое, што апошні трапляе пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 79-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аналагічнае паведамленне ад пракурора Фрунзенскага раёна атрымаў і Ігар Комлік, паведамляе praca-by.info.

– У адпаведнасці з пастановай мне скарачаецца тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу часткова на адзін год, – растлумачыў Генадзь Фядыніч. – На гэтым тыдні мы падаем скаргу ў Вярхоўны суд аб адмене абсурднага рашэння суда Савецкага раёна, якое пацвердзіў Менскі гарадскі суд, – такога рашэння наогул не павінна быць. Паўтаруся: мы асуджаныя незаконна. І калі Вярхоўны суд не адменіць гэтае рашэнне, у нас застаецца адзін шлях – Камітэт па правах чалавека ААН. Ведаю, што Міжнародная арганізацыя працы запрасіла ва ўрада «справу прафсаюзаў», усе дакументы: МАП таксама хоча зразумець, якім чынам кіраўнікі прафсаюзаў (не бізнесмены!) апынуліся вінаватыя ў нявыплаце падаткаў і атрымалі ад гэтага нейкі прыбытак.

– І мы, і прафсаюзы маюць намер дамагацца адмены прысуду як незаконнага. Тым больш, што і да пачатку судовага працэсу, і пасля яго распаўсюджваліся паклёпы пра нас – мы і гэта не забыліся. Іншая справа, што мы аддаём прыярытэт праблемам людзей, на свае не хапае часу, – падкрэсліў Ігар Комлік.

24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёну Менска прызнаў старшыню незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і былога галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка вінаватымі ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Прысуд – абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў, а таксама судовыя выдаткі ў памеры 1400 рублёў.

spring96.org