Філіп Біканаў пра смяротнае пакаранне ў Беларусі



Як беларускае грамадства ставіцца да смяротнага пакарання? Што пра гэта кажуць апошнія даследаванні? Ці становіцца грамадства больш гуманным?

Пра гэта гутарым з „Госцем Рацыі” сацыёлагам Філіпам Біканавым:

РР: Як беларускае грамадства ставіцца да смяротных прысудаў? Ці ёсць дадзеныя?

– Дадзеных даволі багата. Больш менш падрабязна было даследавана, апошняе што я памятаю, гэта праваабарончай арганізацыяй „Праваабаронцы супраць катаванняў”. Там было замерана агульнае стаўленне да дзяржаўнага гвалту, як беларусы ставяцца да дзяржаўнага гвалту. Ці добра яны ўспрымаюць дзяржаўны гвалт, у якіх праявах і асобна там было закранута смяротнае пакаранне. Гэта было ў 2019 годзе. Тады ўпэўнена станоўча да прымянення смяротнага пакарання ставіўся 31% апытаных, больш-менш станоўча 40%. То бок разам больш за палову грамадства. Гэта гарадскія жыхары, карыстальнікі інтэрнэту. 70% – гэта дакладна большасць. З таго часу ўжо багата чаго змянілася, было некалькі апытанняў, дзе смяротнае пакаранне таксама закраналася. Напрыклад у даследаванні ідэнтычнасці, якое мы рабілі, было адно з выказванняў, як частка інструменту, які замяраў іншыя рэчы. Там было Я супраць смяротнага пакарання”, з гэтым пагаджаюцца блізка 35% апытаных. Падаецца яшчэ Chatham House задаваў пытанне ў падобнай форме, таго што было ў 2019 годзе. У іх таксама атрымалася каля паловы, крыху больш за палову.

РР: Чаму так, на вашу думку? Што ўплывае на меркаванне беларусаў?

– Беларусы не ўнікальнае ў гэтым сэнсе грамадства. Нават у краінах, дзе забаронена смяротнае пакаранне ці ўведзены на яго мараторый, калі нешта адбываецца, кшталту нейкага асабліва цынічнага забойства, то ў даволі вялікі адсотак грамадства выступае за тое, каб чалавека ўсё ж такі забіць. Перш за ўсё трэба зразумець, што беларусы ў гэтым не нейкія ўнікальныя. Самі механізмы падтрымкі, я думаю даволі зразумелыя. Асабліва калі паглядзець на тое даследаванне „Праваабаронцы супраць катаванняў”. Там даследаваліся механізмы падтрымкі дзяржаўнага гвалту. Важным элементам таго ці будзе ўспрымацца нейкі гвалт, як гвалт у Беларусі, ці проста, як пакаранне, залежыць ад таго на каго гэтае пакаранне накіраванае. Напрыклад, там былі героі кейсаў, на якім даследаванне будавалася, там апісвалася, што з ім зрабілі праваахоўнікі і што ён зрабіў на самой справе, якія былі падставы, каб ужываць да яго гвалт. Залежнасць там даволі лінейная, чым больш небяспечнымі ўспрымаюцца дзеянні героя кейсу і чым больш небяспечным успрымаецца ён сам, тым больш апраўданым успрымаецца гвалт і тым менш гэты гвалт людзі схільныя называць гвалтам. Цяпер ведаючы гэта давайце прыгадаем кейсы прымянення смяротнага пакарання. Гэта заўжды нешта супер цынічнае, супер крывавае. Апошнім разам смяротнае пакаранне было ўжытае супраць чалавека, які забіў свайго трохгадовага сына. Раней гэта тое, што чалавек накінуўся з нажом і нанёс трыццаць нажавых раненняў. Таму лёгка ўявіць сабе, што людзі, якія чытаюць пра гэта дзесьці ў медыя, успрымаюць пакаранне для такіх людзей, як нешта суразмернае. Суразмернасць гвалту гэта таксама важна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як падкрэслівае сацыёлаг, апошнія дадзеныя паказваюць, што беларускае грамадства паступова становіцца больш гуманным, а працэнт тых, хто выступае за смяротнае пакаранне, змяншаецца.

Беларускае Радыё Рацыя