Фільм „Падзямелле Надзеі” паказалі ў Гародні
Фільм „Падзямелле Надзеі” быў паказаны ў Гародні, з нагоды фестывалю дакументальнага кіно пра правы чалавека „Wath docs”. На сустрэчы былі медыкі з Беластока і Гародні. Супрацоўнікі хоспісаў.
Фільм выклікаў дыскусію на вельмі неадназначную тэму: легалізацыя медычнай марыхуаны ў лекавых мэтах. У розных краінах, адзначылі выступоўцы, марыхуана ўжываецца пры хваробе Альцгеймера, анкалогіі, хранічных спазмах, эпілепсіі. Лекі з канабісу выкарыстоўваюць у Польшчы пры поліатыўных захворваннях. Кажа пра лекі такога тыпу лекар з Беластоцкага хоспісу:
– Яны існуюць паўсюль у прыродзе. Канешне, існуе рызыка і боязь, што гэтыя лекі будуць выкарыстаныя не ў тых мэтах, у якіх належна. І гэтага заўсёды трэба асцерагацца і пільнаваць. Але ў моманце, калі гэтыя лекі выкарыстоўваюцца згодна з медычнымі правіламі, пад кантролем лекараў, то гэта вельмі слушна, неабходна і патрэбна.
Дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Вялічка пракаментавала фільм з пункту гледжання прымянення марыхуаны ў лекавых мэтах для цяжка хворых ці пры поліатыўных захвораннях людзей.
– Гэты фільм вельмі важны. І ў нашым беларускім грамадстве было б вельмі важна пасеяць такую думку, ідэю, нават можа ідэалюгію такую, што марыхуана ў медыцынскіх мэтах – гэта не пра наркотыкі. Гэта не пра адурманьванне, а пра новыя альтэрнатыўныя метады для таго, каб якасць жыцця цяжка хворых людзей паляпшалася.
Фільм „Падзямелле Надзеі” паказаны з мэтаю шырокай дыскусіі ў беларускім грамадстве, якой пакуль няма.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня