Фільм Юрыя Каліны „Бежанцы. 1915-1922” пакажуць у Гародні
Фільм Юрыя Каліны „Бежанцы. 1915-1922” будзе паказаны ў клубе праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім саборы. 29-га кастрычніка, у нядзелю, а 18-00 гадзіне ў Актавай зале па адрасе Акадэмічная, 2.
Настаяцель Сабору айцец Георгі Рой шчыра запрашае на сустрэчу са стваральнікам гэтага дакументальнага фільма.
– Гэта таксама і пра тыя падзеі, якія мелі самыя непасрэдныя дачыненні да гісторыі праваслаўнай царквы на Гарадзеншчыне і ў прыватнасці да гісторыі нашага Свята-Пакроўскага сабора. Таму што менавіта ў выніку гэтага бежанства склаліся абставіны так, што гарнізонны Свята-Пакроўскі сабор пасля вяртання бежанцаў стаў кафедральным саборам Гарадзенскай епархіі.
Фільм расказвае, як амаль тры міліёны беларусаў вымушаны былі пакінуць родную зямлю і паехаць у далёкую Расею. З чым давялося ім сутыктуцца там, і як вярталіся яны назад – пра гэта фільм Юрыя Каліны. Ужо цяпер фільм атрымаў на фестывалях дакументальнага кіно ва Украіне і Польшчы ўзнагароды. Прэзэнтацыі ў Беларусі пакуль не было.
Гэтае мерапрыемства прымеркавана да 110-годдзя з дня асвячэння Свята-Пакроўскага катэдральнага сабора.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя