Фільм «Зялёная граніца» вачыма беларуса



Прывітанне, тут Севярын Квяткоўскі.

У Польшчы абмяркоўваюць міні-серыял «Зялёная граніца». Стужка пра мігранцкі крызіс на польска-беларускай мяжы. Пра маральны выбар канкрэтных людзей і цэлага польскага грамадства – дапамагаць ці не? Бо з таго боку хай сабе падманутыя, але людзі.

Кадр з фільму „Зялёная граніца”

Беларусы рацыянальныя людзі, і ступень наіўнасці прыбылых з поўдня нам уявіць складана. Зрэшты, як і палякам.

Тут важна адзначыць розніцу між польскім і беларускім грамадствамі на момант ад 2021 году і да сёння. Беларусы перажываюць каласальную супольную траўму. Толькі старэйшага ўзросту палякі памятаюць што такое палітычнае бежанства. А што такое адначасовае катаванне дзясяткаў тысяч людзей, дык, відаць, памятаюць вельмі старыя людзі.

Для беларусаў названыя бежанства і катаванні – штодзённая рэальнасць.

Таму нам, я кажу пра сваё кола знаёмстваў, і пра рэакцыі, якія адсочваю ў інтэрнэце, нам па-чалавечы шкада мігрантаў з Блізкага Усходу. Але мы разумеем, што мігранты – гэта зброя ў руках тэрарыстаў, а тэрарыстам саступаць нельга.

Агнешка Холанд, рэжысёрка «Зялёнай граніцы» вельмі павярхоўна адлюстроўвае Беларусь. Маўляў, краіна жахаў. І ўсё. Не паглыбляецца ў кантэкст – што там за жыццё з таго боку. А з таго боку не меншыя закладнікі, чым мігранты на мяжы.

Зрэшты, і асаблівасць сітуацыі для жыхароў Падляшша ў серыяле асабліва не акцэнтуецца.

Кантэксту няма.

Творчая думка сканцэнтраваная на маральных аспектах.

Фільм пра дабро і зло. Беспройграшная тэма. Не кажу, што рэжысёрка хайпуе. Хутчэй за ўсё, яна шчырая. У тым ліку шчырая, што кантэкст, у тым ліку палітычны, і наагул цывілізацыйны, не патрэбны.

У канцы серыялу глядач бачыць, што Польшча прымае сотні тысяч, а ў выніку паўтара мільёна, украінцаў. Мы ведаем, што бежанцы ад вайны ва Украіне пасля паедуць па розных краінах Еўразвязу. Шмат хто ўжо вяртаецца дадому, не гледзячы, што вайна не скончылася. Шмат хто чакае на вяртанне.

У гледача мусіць узнікнуць думка пра падвойныя стандарты ў Польшчы.

А вось вам прыклад, як стандарты ўсталёўваюцца самі. 2021 год, два беларускія хлопцы нелегальна перайшлі беларуска-літоўску мяжы. Яны тыдзень мусяць знаходзіцца пад арыштам на памежнай заставе. Але яны не пад замком. Яны… дапамагаюць літоўскім службоўцам абсталёўваць месцы ў часовым лагеры, дзе чакаюць нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу, найперш курдаў.

Фармальна і беларусы і сірыйскія курды ў адным статусе, але стаўленне ў літоўцаў да беларусаў – як да сваіх.

То бок, з пункту гледжання агульнай чалавечнасці ўсе людзі – людзі.

Але пакуль існуюць межы, будуць больш свае і менш свае.

Калі ў Польшчы праўда хочуць спыніць драму на мяжы, то варта інфармаваць пра сутнасць праблемы. Пра тое, што трэба рабіць усё магчымае, каб нейтралізаваць рэжым Лукашэнкі, які падманвае людзей з Усходу, і выкарыстоўвае іх як жывы таран.

Беларускае Радыё Рацыя