Фітнес-трэнера і культурыста затрымлівалі дзве машыны міліцыянтаў
У Глыбокім увечары 17 лістапада міліцыя затрымала фітнес-трэнера і культурыста Аляксандра Шарабайку.
Як кажа жонка культурыста Алена, затрымлівалі яго на двух машынах, калі ён пайшоў па дачку ў школу. Менавіта па дарозе туды яго і затрымалі, але ён паспеў патэлефанаваць сваёй жонцы. Так як сям’я жыве непадалёк ад школы, ёй удалося хутка падысці і забраць тэлефон мужа.
Паводле Алены Шарабайкі, Аляксандра пасадзілі на суткі, над ім быццам вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.34 КаАП, але ў міліцыі ёй мала што паведамляюць:
– Тэлефаную ў дзяжурную частку міліцыі, мне яны ўвогуле кажуць: мы нічога не ведаем, ідзе разбіральніцтва з участковым. Больш мы вам нічога сказаць не можам. Я пытаюся, дык а хто можа ведаць? Начальнік ІЧУ. Я пытаюся, як з ім звязацца, а мне адказваюць, што ён на бальнічным. А як мне тады даведацца: хто, што і чаму? Я нічога не магу вам сказаць, я нічога не ведаю, я прымаю заяўкі, дзяжуру і ўсё.
Раней, 13 лістапада, трое міліцыянтаў прыязджалі дадому да Аляксандра і спрабавалі там яго затрымаць быццам бы за ўдзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. У гэты дзень глыбачане прынеслі кветкі на цэнтральную плошчу, запалілі знічы і ўшанавалі памяць забітага хвілінай маўчання. У той дзень міліцыянтам затрымаць грамадскага актывіста не атрымалася.
Аляксандр Шарабайка вядомы ў Глыбокім фітнес-трэнер і культурыст, які адкрыта выказвае сваю пазіцыю супраць гвалту ўладаў. Яго затрымала міліцыя ўжо чацвёрты раз.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя