Фітнес-трэнеру з Глыбокага выставілі новае абвінавачанне



У Глыбокім 16 снежня адбыўся чарговы суд над  грамадскім актывістам, фітнес-трэнерам Аляксандрам Шарабайкам.

Пасля яго скаргі ў Віцебскі абласны суд на пастанову Глыбоцкага суда, яму адтуль прыйшоў адказ пра адмену пастановы Глыбоцкага суда. Але Віцебскі суд пастанавіў накіраваць яго  справу ў той жа  Глыбоцкі суд, але да іншага  суддзі.

Мінулым разам справу вяла суддзя  Глыбоцкага суда Людміла Вашчанка і прызначыла Аляксандру Шарабайку 17 сутак па двух артыкулах (удзел  у несанкцыянаваным  мерапрыемстве і  непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Гэтым разам  судзіў  актывіста Андрэй Тарасевіч і прызначыў тое ж самае пакаранне.

Так як Шарабайка ўжо адседзеў гэтыя  суткі, ён  павінен быў выйсці пасля суда на волю. Але  ў  калідоры яго чакалі 6 міліцыянтаў, якія яму прад’явілі новае абвінавачанне і забралі ў ІЧУ.

– Выйшлі з залы суда. Падышлі супрацоўнікі РАУСа і прад’явілі яму нейкае абвінавачанне. Прагналі ўсіх людзей, сказалі, што вядзецца адміністрацыйны працэс у калідоры суда. Нам сказалі прайсці на выхад, мы нават не ведаем, за што яго затрымалі.

На суд да Аляксандра Шарабайкі з мэтай падтрымкі прыйшло каля 20 чалавек (у залу суда пусцілі толькі 5), у тым ліку  і  пастаўчане, якія прыехалі на дзвюх машынах, але не без прыгодаў. На пад’ездзе да Глыбокага каля вёскі  Квачы  іх спыніла Глыбоцкае ДАІ з мэтай праверкі па ананімным  тэлефанаванні. На суд яны ледзь паспелі.

Распавядае Анатоль Лоўкіс:

– Нас, дарэчы, машына ДАІ затрымала. Нейкі ананімны званок быў. Што нібыта наш кіроўца агрэсіўна сябе паводзіў на дарозе, агрэсіўна вёў машыну. Нібыта ён п’яны ці што. Нас пратрымалі хвілін пятнаццаць. Дарэчы, былі дзве машыны задзейнічаны ў гэтай “спецаперацыі”.

Як высветліла на працягу дня жонка Аляксандра Шарабайкі Алена, яе мужа аказваецца затрымалі за  тое, што на іх доме вісеў бел-чырвона-белы сцяг.  Як кажа Алена, па гэтай прычыне яго зноў  будуць судзіць па  артыкуле 23.34, хутчэй за ўсё заўтра, 17 снежня.

А тым  часам на Пастаўшчыне па той жа самай прычыне (за бел-чырвона-белы сцяг) міліцыянты затрымалі Паўла Марозава. І  пакінулі адных, без нагляду, 7-мі і 11-ці гадовых дзяцей, бо іх маці  тым часам вярталася дадому з суда Аляксандра Шарабайкі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя