Фізічны стан палітвязня Васіля Бераснева ў калоніі пагаршаецца
Здароўе Васіля Бераснева ў калоніі пагаршаецца. Палітвязня змясцілі ў бальніцу.
Пра гэта распавядае аршанскі праваабаронца Ігар Казмерчак:
-Яшчэ да калоніі ў яго была выдалена адна нырка з-за анкалогіі. Ён апошнія гады перад пасадкай быў ужо з адной ныркай, так само па сабе дастаткова складана жыць. А тут яму прысуджаюць вялікі тэрмін практычна на роўным месцы. Яшчэ ў СІЗА калі ён сядзеў, у яго пачаліся праблемы з ныркай, пачаліся болі ў баку. Іх неяк змаглі зняць. А вось цяпер у яго ізноў аднавіліся гэтыя болі.
У калоніі Васіля Бераснева абследавалі, і ёсць падазрэнне, што ў яго праблемы з адзінай ныркай, магчыма, што патрэбная перасадка. Васілю Берасневу амаль 73 гады. Былы лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя