Флэшмоб будучых фармацэўтаў: „Няхай будзе мова, няхай будзем мы!”



Проста на ганках Віцебскага медычнага ўніверсітэту прайшоў флэшмоб, удзельнікамі якога былі студэнты фармацэўтычнага факультэту разам з выкладчыцай Марынай Каліноўскай.

Яны выйшлі з раздрукаванымі выслоўямі, прысвечанымі роднай мове, і сфатаграфаваліся на памяць. Цэлы год будучыя фармацэўты-першакурснікі вывучалі беларускую мову, прычым не толькі адмысловую тэрміналогію, але і размоўную лексіку, кажа выкладчыца:

– Спачатку ў нас была прафесійная лексіка і фармацэўтычная тэрміналогія, а потым мы ішлі да паўсядзённай лексікі. І яны паглядзелі, што можна і жартаваць на беларускай мове, а для іх гэта ўвогуле ў навінку было, што можна нешта смешнае сказаць па-беларуску. Асабліва іх уразіла, што ёсць і моладзевы слэнг. Нават як павітацца, акрамя “добры дзень”, яны не ведалі. А потым яны ўжо прыходзілі, казалі “прывіты”, “вітанкі”, як свае!

Паводле Марыны Каліноўскай, заняткі беларускай мовай заўжды праходзілі пад дэвізам “Няхай будзе мова, няхай будзем мы”. Гэтая фраза стала і дэвізам флэшмобу, яе раздрукавалі разам з выслоўямі “Родная мова не павінна быць замежнай”, “Размаўляй са мной па-беларуску!”, “Мова ў маім сэрцы” ды іншымі. Іншыя студэнты ды выкладчыкі дзівіліся: такога ў медычным універсітэце раней ніколі не было.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя