Фокуснікамі поўніцца зямля беларуская…



Іх хапае, аказваецца, і ў самых правільных і справядлівых у свеце – беларускіх судах… Сумняваецеся? Дарэмна. Чым далей – тым весялей. Але весялосць гэтая, чамусьці, патыхае стогадовай падвальнай цвіллю. Каб не быць галаслоўнымі прыводзім свежы факт.

Жодзінскія праваабаронцы, якія ў судовых працэсах дакладна фіксуюць усе абставіны судовых разбіральніцтваў, прадстаўленыя аргументы і довады бакоў, а таксама эфектыўна робяць заўвагі на пратаколы (дабіваліся ўжо некалькі разоў прызнання зробленых заўвагаў і скарыстоўваюць іх у якасьці паўнавартасных працэсуальных дакументаў) чарговы раз (другі запар) былі пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у паседжанні Касацыйнай інстанцыі Менскага абласнога суду па пададзеных імі скаргах на пастановы Жодзінскага гарадскога суду.

Няўжо ў нас з’явіўся новы від маніпуляцыяў…?! Для адхілення працэсуальных асобаў без іхнае на тое згоды ад удзелу ў судовых паседжаннях і разбіральніцтвах па заяўленых імі скаргах – заяўнікоў проста не апавяшчаюць пра запланаваны разгляд справы належным чынам (!).

У любым выпадку праваабронцы, Аляксей Лапіцкі і Святлана Лапіцкая, якія ў мінулым годзе аспрэчвалі забарону пікету з патрабаваннямі вызвалення палітвязня Алеся Бяляцкага, а ў гэтым – забарону пікету ў падтрымку Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў, чарговы раз не былі запрошаныя на паседжанне Касацыйнай калегіі суддзяў Менскага абласнога суду. Падобным жа чынам, як гэты было раней, яны проста атрымалі ў паштовую скрыню выніковыя адмоўныя вызначэнні дадзенай „надзвычай аўтарытэтнай у праваабарончых колах” судовай інстанцыі.

Святлана Лапіцкая:

– Мы кожны дзень сачылі за поштаю з моманту падачы апошніх дакументаў у  Жодзінскі суд – чакалі адказу на зробленыя намі заўвагі па атрыманых з суду пратаколах. Жодзінскі суд вырабляў іх пасля вынясення ўласнага рашэння больш за 5 месяцаў (!). Пры гэтым даў на праверку пратаколаў і падачу заўвагаў па ім толькі 5 дзён. Аляксей паспеў усё зрабіць сваечасова – мы падалі і заўвагі на пратаколы, і дадатковую Касацыйную скаргу, прыклалі новыя дакументы, якія чарговы раз даказваюць, што прынятыя гарадскім судом пастановы неабаснаваныя, таму неабходна разглядаць справу з улікам новых абставінаў, каб нарэшце выносіць справядлівае правасуднае рашэнне.

А тут зноў заднім чыслом 22 красавіка раптоўна атрымліваем „спраўдны падарунак” (гл. фота). Капэрта, дарэчы, – з штампамі ад 13-14 красаваіка. То бок 8-9 дзён ужо з таго часу мінула (!?). Але я асабіста кожны дзень сачыла за паштовае скрыняй – і там нічога не было.

01_2000IMG_6228

Аляксей Лапіцкі камэнтуе:

– Сапраўды. Але гэтая капэрта – у паштовае скрыні. А дзе ж зноў падзелася тая капэрта, у якой павіна было быць сваечасовае апавяшэнне пра само Касацыйнае паседжанне? Дзе таксама адказ на зробленыя намі заўвагі на пратаколы, на пададзеныя дадатковыя дакументы?

У атрыманай капэрце – шмат паперак… Касацыя адбылася, аказваецца, аж 30 сакавіка (!?). Што там і як разглядалася і ці разглядалася пры такіх абставінах, без нашага ўдзелу, навогул, вядома толькі самім „фокуснікам”.

Але ўсё гэта ні ў якім разе нельга назваць свабодным і справядлівым судом. За столькі год праваабароны мы не часта бачылі годны ды прафесійны судовы разбор. У будынках судоў і ў выканкамах, на жаль, марыяненткі карумпаванай аўтарытарна-каманднай сістэмы. Якая гучыць каманда – такім робіцца і вынік. І варыянтаў быць тут практычна не можа – ні выбару, ні права, ні эфектыўнае абароны…

Тое, што мы назіраем сёння ў Жодзіне – спраўдны нагадвае цыркавы нумар.

Як падобная праваахоўная сістэма можа выкрываць і караць маніпулятараў на тых жа падложных выбарах, напрыклад, калі яна сама робіць падобныя „фокусы” па камандзе зверху па вертыкалі?

Сорамна і прыкра за такіх прафесіняалаў права ў самых „правільных” і „справядлівых” у свеце – беларускіх судах.

[Not a valid template]

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксей Лапіцкі