Фонд BYSOL эвакуяваў з Беларусі журналіста Юрыя Дзешука
Фонд BYSOL эвакуяваў з Беларусі журналіста Юрыя Дзешука, які доўгі час супрацоўнічаў з нашым радыё з Бярозаўкі, што на Гарадзеншчыне.
На яго завялі крымінальную справу пасля асвятлення судовага працэсу Вітольда Ашурка. У Беларусі больш за год таму ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб «злосным хуліганстве». Яе завялі пасля таго, як прысутныя на судзе над Вітольдам Ашуркам сталі крычаць «Ганьба!» і «Жыве Беларусь!» пасля вынясення прысуду. Пасля ператрусаў, выклікаў у КДБ, праходжання дэтэктара хлусні ды іншых праяў ціску Юры ўсё ж вырашыўся пакінуць радзіму.
– Адразу было шмат сумневаў, ці трэба гэта і наколькі бяспечна. Але калі перад табой стаіць пытанне ўжо не волі, а жыць, альбо не жыць, бо ведаеш гісторыю Вітольда. Часу думаць было мала, трэба было прыняць адзінае правільнае рашэнне і выязджаць з краіны.
Сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак назваў вываз з Беларусі Дзешука адной з самых складаных эвакуацый апошніх часоў, што пацвердзіў для нашага радыё і сам журналіст.
– Пра гэты шлях гаварыць нельга. Па ім прайшло шмат людзей. І я веру, яшчэ пройдзе шмат людзей, гэта можа ўратаваць і свабоду, і жыццё. Гэта ўсё потым будзе расказана. Але гэта было цікава, часам ты не разумеў, дзе ты знаходзішся і што з табой будзе далей. У нейкі момант ты проста хадзіў па краі абрыву. З гэтага калісьці будзе зняты цікавы прыгодніцкі фільм пра тое, як беларусы ратаваліся.
Як адзначае Юры Дзяшук, зараз яго галоўная задача вярнуцца ў журналісцкую прафесію і працаваць з Польшчы з надзеяй як найхучэй вярнуцца на Радзіму.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя