„Фонд развіцця Берасцейскай крэпасці” атрымае больш 100 тысяч даляраў



„Фонд развіцця Берасцейскай крэпасці” апынуўся сярод пераможцаў прэстыжнага сусветнага конкурсу ў рамках Пасольскага фонду захавання культурнай спадчыны ў 2014 годзе. Арганізацыя атрымае фінансаванне ў памеры больш за сто тысяч даляраў ЗША.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу Рыгор Бысюк адзначыў, што дабрачынным фондам кіруе ўраджэнец Берасця, які з’ехаў за мяжу, але не забываецца пра родны горад і Берасцейскую крэпасць.

–   Гэта дабрачынны фонд, створаны ў горадзе спадаром Мікулікам. Зараз ствараецца канцэпцыя развіцця Берасцейскай крэпасці. Гэта тычыцца не толькі тэрыторыі мемарыяльнага комплексу, але ўсёй Берасцейскай крэпасці. Бо гэта розныя рэчы.

З 2001 года партнёрамі Пасольскага фонду захавання культурнай спадчыны станавіліся пяць беларускіх арганізацый: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей Марка Шагала, Віцебскі Арт-Цэнтр, гурт „Стары Ольса” і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ivan-da-maria.org