“Фонду імя Льва Сапегі” – 25 гадоў



Асветніцкаму грамадскаму аб’яднанню „Фонд імя Льва Сапегі” споўнілася 25 гадоў. Дзясяткі вядомых асобаў Беларусі, якія аб’яднаныя ідэяй аднаўлення мясцовага самакіравання ў нашай краіне, не губляюць надзеі, што гэта калісьці станецца. У меры сваіх сілаў сябры фонду працуюць ва ўсіх рэгіёнах, развіваюць актыўнасць грамадства. Але песімізму ў дзейнасці ўсё больш. Кажа Юры Нагорны з Воршы:

– На ўзроўні Воршы сітуацыя, канешне, крыху змянілася. Пасля таго, як у сакавіку ў Воршы адбыўся тысячны марш пратэсту супраць дэкрэту “аб дармаедах”, улада ўсё-такі крыху задумалася, а можа, і спалохалася таго, што такая маса людзей выйдзе наступным разам, таму сустракаецца з актывістамі нашага дэмакратычнага руху на Аршаншчыне і нейкім чынам абмяркоўвае нейкія пытанні жыцця грамадскага, эканамічнага, палітычнага.

Хоць няма зрухаў у прасоўванні ідэі мясцовага самакіравання, бо ўлады ў Беларусі не прызналі нават такі базавы міжнародны дакумент, як хартыю мясцовага самакіравання, “Фонд імя Льва Сапегі” лічыць патрэбным працаваць і пераконваць  улады. Кажа старшыня праўлення фонду Міраслаў Кобаса:

– Прыняццё як асновы еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, бо гэта малая канстытуцыя для ўсіх краін Еўропы. Усе еўрапейскія краіны, акрамя Беларусі, падпісалі яе. Я спадзяюся, што ў хуткім часе і мы як краіна здолеем падпісаць. Далей трэба аднавіць заканадаўства. Канешне, вялікая адказнасць на кадрах. У нас некалькі гадоў таму з адукацыйнай праграмы прыбралі ўвогуле мясцовае самакіраванне, засталося толькі дзяржаўнае.

У Беларусі мясцовае самакіраванне знаходзіцца ў зародкавым стане і не мае істотнай падтрымкі ва ўладаў. Але “Фонд імя Льва Сапегі” спадзяецца, што  дыялог грамадзянаў  з мясцовымі ўладамі будзе знаходзіць паразуменне, што грамадзяне ўсё больш будуць дапускацца да прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара