Фонды дапамогі BY_help і BYSOL задаволілі прыблізна 2,8 тыс. заявак
Дзейныя ў інтэрнэце фонд дапамогі рэпрэсаваным BY_help і фонд BYSOL, які спецыялізуецца на дапамозе звольненым па палітычных матывах і страйкоўцам, задаволілі прыблізна 2,8 тыс. заявак тых, хто меў патрэбу, паведамілі на анлайн-прэс-канферэнцыі 6 лістапада арганізатары ініцыятыў.
Паводле слоў кіраўніка BY_help Аляксея Лявончыка, фонд сабраў больш за 3 млн даляраў ЗША. Дапамога выплачаная больш як 2 тыс. заяўнікаў. Дакладную суму дапамогі ён не назваў.
Праз фонд BYSOL удалося сабраць больш за 2,8 млн даляраў. Кіраўнік ініцыятывы Андрэй Стрыжак паведаміў, што задаволена больш за 750 заявак больш як на 1,3 млн еўра (больш за 1,6 млн долараў).
У сваю чаргу дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) юрыст Вольга Смалянка звярнула ўвагу на немагчымасць легальнай працы такіх фондаў у Беларусі. Адсутнічае заканадаўства па пытаннях дабрачыннасці, пры гэтым існуе шэраг абмежаванняў на атрыманне дапамогі ад карпаратыўных ахвярадаўцаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
„Заканадаўства не рэгулюе многія моманты, якія тычацца тэхнічных аспектаў атрымання ахвяраваных сродкаў. У сувязі з гэтым у правяральшчыкаў ёсць велізарнае поле для рознага тлумачэння заканадаўства”, — адзначыла Смалянка.
Паводле яе слоў, апошнім часам няўрадавыя арганізацыі часта сутыкаюцца з праверкамі і запытамі на даванне інфармацыі аб атрыманні бязвыплатнай і дабрачыннай дапамогі з боку дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і міліцэйскіх структур па барацьбе з аргзлачыннасцю.