Форум імя Уладзіслава Ахроменкі ў Чарнігаве
Рух салідарнасці “Разам” правёў у Чарнігаве двухдзённы Форум імя Уладзіслава Ахроменкі, у якім узялі ўдзел беларускія і ўкраінскія літаратары, журналісты, грамадскія дзеячы.
Кажа ўдава Уладзіслава – пані Вольга:
– Прайшоў амаль год, як не стала майго мужа. Я вельмі ўдзячная, што яго памятаюць не толькі ў нашай сям’і, што не толькі мы гэта адчуваем і перажываем. Але і людзі, для якіх творчасць і біяграфія, усё, што пакінуў пасля сябе мой муж, цікава. Я вельмі ўдзячная за ініцыятыву і спадзяюся, што гэта будзе штогадовае мерапрыемства, што яно будзе праводзіцца штогод.
Уладзіслаў Ахроменка – беларускі літаратар, журналіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій. Апошнія гады працаваў для Беларускага Радыё Рацыя ва Украіне. Нашым слухачам у першаю чаргу вядомы як аўтар перадачы “На ўліку ў КДБ”.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Чарнігаў