„Форум палітвязняў” прыняў зварот да беларускай і міжнароднай супольнасці
У Менску адбылося чарговае паседжанне грамадскай ініцыятывы „Форум палітвязняў”. Па словах мадэратара паседжання, сустаршыні аргкамітэта па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, час правядзення паседжання выбраны невыпадкова.
– У той самы дзень, калі ў Бруселі пачынаецца саміт “Усходняга партнёрства”, на які ўпершыню асабіста запрасілі Лукашэнку, мы сабралі форум “Свабоду палітвязням”, запрасілі туды сваякоў сённяшніх палітычных зняволеных і прынялі зварот да беларускай супольнасці і міжнароднай супольнасці ў гэтай справе. У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, працягваецца пераслед палітвязняў. Нічога прынцыпова не змянілася, і мы шакаваныя тым, што еўрапейцы бачуць недзе паляпшэнні, фінансуюць дзяржаўную сістэму і сістэму Міністэрства ўнутраных спраў.
„Гэтая пазіцыя з’яўляецца незразумелай для нас. Мы хочам паслать ясны сігнал еўрапейскай супольнасці – вы ідзеце па слізкім шляху, вы здраджваеце ідэалам дэмакратыі ў Беларусі,” – сказаў Павел Севярынец.
Тэкст звароту будзе апублікаваны ў фэйсбуку на суполцы „Форум”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя