Форум Сase Exchange Weekend у Менску



Арганізатары форуму Сase Exchange Weekend кажуць, што нават не разлічвалі на такую цікавасць з боку беларускіх недзяржаўных грамадскіх арганізацый – на ўдзел у мерапрыемстве было пададзена больш за 500 заявак, але адбор прайшлі толькі 200 з іх. Трынаццаць нямецкіх экспертаў прыехалі ў Менск, каб падзяліцца з беларускімі грамадскімі актывістамі досведам у рэалізацыі праектаў у галінах нефармальнай адукацыі, правоў чалавека, інклюзіі, экалогіі, культуры, міжкультурнага дыялогу і іншых. Як распавяла Радыё Рацыя кіраўніца некамерцыйнай арганізацыі «ОДБ Брусэль» Алёна Ліс, форум завяршае супольны з нямецкім бокам праект, які рэалізаваўся цягам году – «Рэсурсны цэнтр НКА (некамерцыйных арганізацый)».

– Былі семінары па супрацы  з дзяржавай, з бізнес супольнасцю. Таксама мы запусцілі першую ў Беларусі школу па фандрайзінгу для некамерцыйных арганізацый, які арыентуецца на пошук сродкаў унутры краіны. Форум з’яўляецца завяршальным этапам гэтага праекта, таму што мы ўбачылі, што існуе вельмі мала беларуска-нямецкіх партнёрстваў у той час як існуе такая вялікая праграма нямецкага МЗС. Таму мы вельмі спадзяемся, што з’явяцца новыя канцэпцыі і ў наступным годзе мы ўбачым новыя беларуска-нямецкія праекты.

Арганізатарамі форуму Сase Exchange Weekend  выступілі некамерцыйная арганізацыя «ОДБ Брусэль», праваабарончая ініцыятыва «Human Constanta» і нямецкая кансалтынгавая арганізацыя КаапФорум Інтэрнацыяналь пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота eclab.by