Фотакор газеты „Новы Час” Дзмітрый Дзмітрыеў асуджаны на 10 сутак арышту



Фатограф газеты „Новы Час” Дзмітрый Дзмітрыеў асуджаны на 10 сутак арышту. Такое рашэнне прыняла 2 лістапада на пасяджэнні суда Партызанскага раёна Менска суддзя Наталля Дзядкова, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Дзмітрыеў быў затрыманы 1 лістапада падчас асвятлення ў Менску Маршу супраць тэрору. У дачыненні да яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (арт. 23.4 КоАП) і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КоАП).

Паводле інфармацыі БАЖ, за апошні месяц Дзмітрыева ўжо чатыры разы затрымлівалі падчас працы.

Акрамя Дзмітрыева падчас учарашняга маршу было затрымана яшчэ шэсць журналістаў: Зміцер Солтан (Буянаў) і Зміцер Краўчук (аператары польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь), Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла (фотакарэспандэнты „Новага Часу”), Юрый Шамшур (расійскае інфармагенцтва ТАСС) і Алена Ляшкевіч (карэспандэнт „Новага Часу”). Шамшура і Ляшкевіч адпусцілі неўзабаве пасля затрымання, пра лёс Зяньковіча і Трусілы звестак пакуль няма.

belapan.by