Фотавыстава пра бясстрашных
У Віцебску адкрылася выстава, прымеркаваная да Дня пажарнай службы, які адзначаецца 25 ліпеня. Выстава мае назву “No fear”, што ў перакладзе на беларускую азначае “Няма страху”.
Яна адметная не толькі тым, што на фота можна ўбачыць будні “ратавальнікаў” – ратаванне жыццяў у барацьбе з пажарамі ды іншымі надзвычайнымі акалічнасцямі. Экспазіцыя зацікавіць гледача найперш тым, што здымкі зрабілі не прафесіяналы, а аматары – Арцём Ношчанка і Арцём Дзіканаў, якія служаць у пажарным аварыйна-выратавальным атрадзе “Віцязь”.
Арцём Ношчанка – кіроўца, але кажа, што за апошнія два гады, пакуль ён працуе ў структуры міністэрства па надзвычайных сітуацыях, фатаграфія стала самым галоўным хобі ў ягоным жыцці, а падрыхтоўка выставы – самай адказнай справай за апошнія тры месяцы:
– Такога мы не бачылі нідзе ў нашым горадзе, і вось нарадзілася такая ідэя. Мы яе распрацавалі. І паколькі такую працу немагчыма выканаць аднаму, бо дужа складаны працэс здымак, мы разам з калегам зрабілі вось гэтую выставу прыгожых пастановачных фотаздымкаў.
Вядома, рабіць фотасесіі падчас працы выратавальнікаў – нерэальна, бо гэтая праца вымагае засяроджанасці і самаадданасці. Арцём Дзіканаў нават трошкі спазніўся на адкрыццё першай у сваім жыццё фотавыставы: ён працуе хімікам-дазіметрыстам, і мусіў удзельнічаць у ліквідацыі наступстваў учорашняй аварыі на чыгунцы, калі з рэек сышлі 16 цыстэрнаў з прапанам. Даводзілася ўлічваць і асаблівасці працы мадэляў – сваіх жа калегаў, кажа фатограф:
– Мадэляў выбіралі вельмі проста: прыходзілі і пыталіся, хто хоча. Апрацоўка здымкаў была мінімальнай, на выставе яны такія ж практычна, як былі на зыходных кадрах. Давялося толькі кадраваць іх пад фармат для друку, ды некаторыя выводзіць у чорны колер. Па вялікім рахунку, гэта і ўсё.
Фотавыставу, прысвечаную працы “ратавальнікаў”, пазней пакажуць у шэрагу іншых гарадоў вобласці. А потым працы Арцёма Ношчанкі і Арцёма Дзіканава ўпрыгожаць інтэр’еры ў будынку абласной структуры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя