Фралоў: Абскарджваць такія прысуды не буду, бо няма юрыдычнага поля
Журналіст і аператар Андрэй Фралоў выйшаў пасля 15 сутак з Лідскага ІЧУ. Ён лічыць сваё затрыманне незразумелым здарэннем:
– Чацвёртага траўня я быў на імшы ў Бярозаўцы ў касцёле. Пасля чаго я выехаў на сваім аўтамабілі з Бярозаўкі, і каля вёскі Агароднікі мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ. Папрасілі дакументы, я пачаў там вошкацца, даставаць дакументы, але ён сказаў, каб выйшаў з машыны. Я выйшаў з машыны і ўбачыў адразу газэль, якая выязджала з-за майго аўтамабіля. І зразумеў, што ўсё… Выйшлі пяць ДПСнікаў, сказалі пакласці рукі на іх машыну. Яны ўсё магчымае дасталі з маіх кішэняў. Пасля чаго селі ў аўтамабіль і паехалі ў Лідскі РАУС.
Хлопец быў асуджаны па двух артыкулах: “непадпарадкаванне міліцыі” ды “выраб прадукцыі СМІ”, аднак абскардзіць гэтыя рашэнні ён не меў магчымасці:
– Па 32.4 у мяне было толькі пяць дзён на абскарджванне, там не даюць ні паперы, нічога. Таму абскарджваць няма чаго, прысуд ужо выкананы, я яго ўжо адседзеў і лічу, што назад ужо дарогі няма. Па 23.5 не бачу сэнсу абскарджваць, бо няма прававога поля.
Па аўтамабілі Фралова да сёння вядзецца праверка, і ён знаходзіцца ў Лідзе на штрафстаянцы. Апроч гэтага ў журналіста забралі флэшкарту з адзнятымі матэрыяламі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сергея Апановіча