Франак Вячорка: Змены ў медыяпрасторы – непазбежныя



Змены ў медыяпрасторы – непазбежныя, праз некалькі гадоў традыцыйныя сайты памруць”, – сказаў крэатыўны дырэктар радыё “Свабода”, спецыяліст па сацыяльных сетках Франак Вячорка падчас трэнінгу ў Глыбокім.

Як лічыць эксперт, ужо цяпер людзі давяраюць асобам, экспертам, лідарам думкі, на якіх яны падпісаныя ў сацыяльных сетках. І гэтыя людзі – не абавязкова журналісты, ёсць сярод іх блогеры, музыкі ды і простыя людзі, якія распавядаюць пра сваё жыццё.

Паводле Франака Вячоркі, карыстальнікі сетак ім настолькі давяраюць, што гатовыя ім прыпадабняцца.

– Гатовыя следаваць іх прыкладам. Гатовыя нават за іх галасаваць. Што і ўкраінскія выбары паказваюць. Трэба журналістам не цурацца гэтага, а станавіцца лідарамі думкі. І акрамя стварэння журналісцкага кантэнту, умацоўваць сваё імя. Таму што будзе час, калі людзі не будуць верыць брэндам, а яны будуць верыць людзям, асобам, і толькі. І каб журналістыка выжыла, тыя, хто за ёй стаяць, яе стваральнікі, яны павінны проста пераключыцца жыць па-новаму і ў ніякім разе не адмаўляць змены. Яны непазбежныя.

Паводле Франака Вячоркі, сацыяльныя сеткі даюць магчымасць людзям пражыць іншае жыццё. Але задача журналістаў і блогераў спалучаць віртуальнае, выдуманае і шчаслівае жыццё з жыццём рэальным, якое пануе ў Беларусі, а гэта аўтарытарызм, беднасць і карупцыя.

Таццяна Смоткіна