Папа Францішак прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі
Святы Айцец прызначыў новым Апостальскім Нунцыем у Беларусі харвацкага іерарха, арцыбіскупа Антэ Ёзіча. Аб гэтым паведамілі 21 мая 2020 г. у Ватыкане, піша Радыё Ватыкана.
Ён зменіць на пасадзе кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Беларусі венгерскага арцыбіскупа Габара Пінтэра.
Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 у горадзе Трыль. Святарскае пасвячэнне атрымаў 28 чэрвеня 1992 г. у складзе Сплітска-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 г. пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай касцёльнай акадэміі. З 1999 г. працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. Потым, з 2003 г. па 2009 г., быў сакратаром нунцыятуры ў Расеі. У 2009 г. стаў дарадцам нунцыятуры ў Філіпінах.
2 лютага 2019 г. Папа прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы. Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 г. іерарх трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў лякарні ў крытычным стане.
22 студзеня 2020 г. арцыбіскуп Ёзіч сустрэўся з Францішкам. Яго біскупская сакра павінна была адбыцца 21 сакавіка 2020 г. у базыліцы св. Пятра, аднак яна была перанесена па прычыне пандэміі COVID-19.
Нагадаем, што арцыбіскуп Ёзіч стаў другім харвацкім іерархам на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі. З 15 верасня 2004 г. па 15 ліпеня 2011 г. дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў краіне ўзначальваў арцыбіскуп Марцін Відавіч. Цікава, што ён таксама належаў да Сплітска-Макарскай архідыяцэзіі.
Беларускае Радыё Рацыя