Француза з патронам апраўдалі і адпусцілі ў зале суда
Сёння ў Гомелі абвясцілі прысуд грамадзяніну Францыі Жалану Віё, які спрабаваў правезці праз беларуска-ўкраінскую мяжу патрон. Яго прызналі невінаватым і апраўдалі – за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.
Як распавёў журналістам Жалан, ён не плануе патрабаваць у беларускай дзяржавы кампенсацыі за знаходжанне ў гомельскім СІЗА і наогул «стаміўся ад негатыву і хоча дадому”.
Француз падзякаваў беларускіх журналістаў і іншых людзей за дапамогу і падтрымку.
У тым, што Жалан Віё сёння выйдзе на волю, у зале суда ніхто ўжо не сумняваўся. Бо на папярэднім пасяджэнні нават дзяржабвінаваўца прапанавала, спасылаючыся на адмысловы артыкул Крымінальнага кодэкса, прызначыць яму пакаранне ніжэй за прадугледжаны мінімум – а менавіта абмежавацца, хоць і немалым (6900 рублёў), штрафам і адпусціць французскага хлопца. Тым не менш суддзя ўзяла паўзу. І выхадныя абвінавачанаму прыйшлося правесці-такі ў СІЗА.
Сёння судовае пасяджэнне пачалося з апошняга слова абвінавачанага.
– Усё сваё жыццё я стараўся быць сумленным, з павагай ставіўся да законаў сваёй краіны Францыі і Вялікабрытаніі, дзе я жыву, і любой іншай краіны, дзе ступала мая нага. У мяне не было намеру прыехаць сюды і здзейсніць злачынства, – заявіў Жалан.
Малады чалавек адзначыў, што прыехаў у краіну, каб наведаць сваю знаёмую. Але, нягледзячы на першы адмоўны досьвед, заявіў Віё, ён не расчараваны ў Беларусі, а крануты тым, наколькі ўважлівымі былі незнаёмыя людзі, якія дасылалі пасылкі і лісты са словамі падтрымкі.