#FreeViasna у грузінскім Батумі



У межах міжнароднай кампаніі салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў “Вясны” – #FreeViasna у грузінскім Батумі адбылася вялікая акцыя ў раёне порта.

Падтрымаць „вясноўцаў” прыйшлі не толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары, што даўно жывуць у Батумі, але і родныя праваабаронцаў, якія знаходзяцца за кратамі.

Кажа Аліна Стэфановіч, жонка “вясноўца” Валянціна Стэфановіча:

– Гэта салідарнасць, гэта падтрымка, гэта паказвае тое, што людзі за кратамі незабытыя, што іхняя справа працягваецца. І гэта праўда. Здаецца, вось арыштавалі ўсё кіраўніцтва “Вясны” і, здаецца, быццам абезгаловілі арганізацыю, здавалася б, яна мусіла знікнуць, але – не, усё працуе, усё жыве, усё рухаецца. Гэтак жа працуе ўся каманда, і гэтак жа людзі атрымліваюць падтрымку. Справа далей працягваецца.

Падтрымаць дыяспару прыйшлі таксама прадстаўнікі PEN-цэнтра, сярод якіх быў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч:

– З аднаго боку як бы прамая функцыя  – падтрымліваем, тыя, хто па сваёй, не па сваёй волі ў сілу розных абставін апынуўся з аднаго боку ў зоне настальгіі і смутку па Бацькаўшчыне, але адносна ў бяспецы, на фоне тых, хто пакутуе ў турмах альбо пад пагрозай турмы. Мы мусім, канешне, няспынна праяўляць адзінства з імі, нават калі нам здаецца, што лісты не даходзяць.  Але штосьці даходзіць, і людзі, якія выходзяць, потым дзякуюць за падтрымку. Гэта вельмі важна.

Пасля акцыі адбылася невялічкая імпрэза, дзе выступалі беларускія паэты, перакладчыкі і музыкі.

Беларускае Радыё Рацыя