Фрылансеру Юрасю Дзешуку вяртаюць апаратуру
Незалежнаму журналісту з Бярозаўкі Юрасю Дзешуку вярнулі з экспертызы апаратуру. Праўда, не ўсю: праваахоўнікі не аддалі фрылансеру прынтар. Тры месяцы таму журналіста вінавацілі ў датычнасці да флэшмобу, канфіскавалі апаратуру. Але цяпер выявілася, што „непажаданага” матэрыялу ў час праверкі не знайшлі.
Кажа Юрась Дзяшук:
– Апаратуру канфіскавалі тры месяцы таму – ноўтбук і прынтар. Прайшло тры месяцы, і мне паведамілі, што я магу прыехаць і забраць. Але калі я прыехаў забіраць апатаруру, то мне сказалі, што аддадуць пакуль толькі ноўтбук, а прынтар усё яшчэ знаходзіцца на экспертызе. Пытаюся: вы за гэтыя тры месяцы нешта знайшлі? Яны кажуць: не, нічога не знайшлі, таму зараз і вяртаем. А за прынтарам давядзецца прыехаць крыху пазней.
Апаратуру ў журналіста Юрася Дзешука канфіскавалі пасля флэшмобу, які прайшоў у Бярозаўцы і ладзіўся як пратэст супраць шкоднасці вытворчасці шклаваты ў цэнтры горада.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя