Габар Пінтэр: Мы не адмовіліся ад ідэі арганізацыі візіту папы рымскага ў Беларусь



Надзея на візіт папы рымскага ў Беларусь існуе, заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю БелаПАН апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр перад сваім ад’ездам з Беларусі. Ён пакінуў Беларусь 12 студзеня пасля трохгадовага служэння і накіраваўся ў Гандурас, дзе будзе прадстаўляць інтарэсы Ватыкана.

Паводле слоў Пінтэра, арганізацыя візіту папы рымскага ў Беларусь была для яго адной з прыярытэтных задач. Нягледзячы на тое што візіт пакуль не адбыўся, „было праведзена шмат працы як з боку касцёла, так і з боку Святога прастола, а таксама ўрада Беларусі”, дадаў ён.

„Я павінен запэўніць вас і ўсіх, хто чытае гэта інтэрв’ю, што я, як нунцый, і пасольства Святога прастола разам з мясцовым каталіцкім касцёлам і ўрадам (я павінен падкрэсліць гэта, таму што ведаю, колькі прэзідэнт і ўрад робіць для таго, каб гэта адбылося) і іншымі людзьмі шмат працавалі над гэтым. І я магу сказаць, што надзея існуе. Мы не здаліся і не адмовіліся ад гэтай ідэі”, — падкрэсліў Пінтэр.

„Святы айцец хацеў бы прыехаць. Я размаўляў з ім каля двух месяцаў таму, у лістападзе мінулага года, калі быў у Рыме. Мы доўга размаўлялі пра сітуацыю ў краіне і пра яго магчымы візіт, і ён гатовы прыехаць у любы час. Таму я проста хачу выказаць сваю надзею і веру на тое, што гэта адбудзецца”, — сказаў нунцый.

Ён растлумачыў, што згодна з палітыкай Ватыкана „папа здзяйсняе візіты ў краіны, дзе большасць — праваслаўныя, толькі тады, калі на тое ёсць жаданне ў тым ліку і з боку праваслаўнай царквы”. Гэта звязана з тым, што пантыфік „прыязджае не толькі да каталікоў — ён прыязджае да ўсяго народу, несучы добрую вестку пра Хрыста ўсім, а не нейкай асобнай групе людзей”.

На пытанне, ці рабіў Ватыкан за апошні час спробу ўзгадніць з Маскоўскім патрыярхатам візіт папы Францішка ў Беларусь, Пінтэр адказаў, што паміж Рымска-каталіцкім касцёлам і Рускай праваслаўнай царквой „ідзе няспынны дыялог і пастаянны кантакт”.

У кастрычніку 2019 года ў інтэрв’ю беларускім недзяржаўным СМІ міністр замежных спраў Уладзімір Макей заяўляў, што пытанне пра візіт папы рымскага ў Беларусь „застаецца ў парадку дня адносін з Ватыканам”. „Кіраўніцтва Беларусі ўжо рабіла заявы на гэты конт. Сітуацыя не мяняецца, але я думаю, што рана ці позна такое мерапрыемства магло б быць ажыццёўленае”, — сказаў Макей.

Афіцыйны Мінск чакае прыезду пантыфіка даўно. Падчас візіту ў Ватыкан у траўні 2016 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў папу рымскаму Францыску сустрэцца з патрыярхам Кірылам на беларускай тэрыторыі. Незадоўга да гэтага, у лютым, кіраўнік Святога прастола сустракаўся з прадстаяцелем РПЦ на Кубе. Пасля сустрэчы з папам рымскім Лукашэнка заявіў: „Я выказаў думку, што пантыфіку час прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі”. Сваю прапанову ён паўтарыў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы 28 верасня 2017 года ў Менску.

У лістападзе 2018 года прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла іерэй Аляксандр Волкаў паведаміў БелаПАН, што „візіт папы рымскага ў кананічныя межы Рускай праваслаўнай царквы не стаіць на парадку адносін” паміж РПЦ і Рымска-каталіцкім касцёлам. „Такога запыту (на візіт папы рымскага. — БелаПАН.) няма з боку вернікаў, пэўная частка якіх дастаткова крытычна ацэньвае сам факт любых кантактаў праваслаўных з католікамі. Такое стаўленне, вядома, не можа з’яўляцца крыніцай для фарміравання афіцыйнай царкоўнай пазіцыі, але гэтае меркаванне многіх вернікаў кіраўніцтва Рускай царквы ўлічвае”, — сказаў прэс-сакратар.

belapan.by