Габрэйскія могілкі ў Лепелі



У Лепелі габрэйскія могілкі знаходзяцца ў невялічкім лесе за ракой у раёне мясцовай электрастанцыі. На іх, як часцей за ўсё ў Беларусі і бывае, невялікія камяні і мацэвы (стэлы) з надпісамі на іўрыце. Аднак ёсць і некалькі надмагілляў, дзе надпіс на іўрыце дублюецца на кірыліцу. Кідаецца ў вочы раскіданасць тутэйшых камянёў, нейкага парадку, акрэсленых шэрагаў, як гэта звычайна бывае на хрысціянскіх могілках, тут няма. Шмат мацэваў ужо ўраслі ў зямлю, а на ўзбярэжжа вадасховішча прырода, а мо і мясцовыя вандалы прыцягнулі яшчэ некалькі надмагілляў. Яшчэ некалькі валуноў з магіл свайго часу апынуліся пад вадой.

На мацэвах звычайна змяшчаецца стандартны тэкст, не выключэнне і Лепель. „Тут пахаваны”, „сын такога”, „добрая гаспадыня”. Як адзначаюць даследчыкі габрэйская культуры, тэкст, большы за стандартны, сустракаецца звычайна хіба ў равінаў, там часта пералічваюцца яшчэ і яго заслугі перад грамадствам. Прычым зорка Давіда зусім не з’яўляецца абавязковым атрыбутам. З 403 надмагільляў з канца XVIII да пачатку ХХІ стагоддзя, як вынікае з матэрыялаў інвентарызацыі габрэйскіх могілак Лепеля за 2014 год, зорка Давіда сустракаецца толькі на чатырнаццаці, пры гэтым самае ранняе з іх датаванае 1901 годам, адзначаў кандыдат гістарычных навук Сяргеў Грунтоў. Таму самай звычайнай пазнакай большасці мацэваў з’яўляецца не яна, а дзве літары габрэйскага алфавіту — „пэ” і „нун”פ נ. Гэта першыя літары ад словаў „тут пахаваны”. У ІІ Сусветную вайну нацысты расстрэльвалі габрэяў побач з магіламі іх продкаў — гэта адно з вядомых месцаў нацысцкіх злачынстваў у Лепелі.

Ва ўжо згаданым 2014 годзе сюды прыязджалі 25 спецыялістаў з маскоўскай арганізацыі „Сэфер”, якія і займаліся даследаваннем надмагілляў і запісам успамінаў мясцовых жыхароў. Яны ўстанавілі, што найстарэйшая магіла тут датаваная 1812 годам. Але ёсць падазрэнні гісторыкаў, што могілкі існавалі і раней, проста ранейшыя надмагіллі былі выкананыя з дрэва і да сённяшніх дзён не дайшлі. Па слядах сваёй экспедыцыі „Сэфер” выдаў зборнік „Лепель: память о еврейском местечке” (Масква, 2015. – 496 с.). Там і змешчаны поўны каталог габрэйскіх могілак.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Лепель

Фота аўтара