Гадавіна паўстання ў Нарыльскім канцлагеры



25 траўня 1953 года пачалося паўстанне палітвязняў Нарыльскага канцлагера. Адзін з ягоных кіраўнікоў – жыхар Гомельшчыны Рыгор Клімовіч. Прычынамі Нарыльскага паўстання былі голад і расстрэлы вязняў. Паўстанне трывала 40 дзён і было жорстка задушанае. Сын Рыгора Клімовіча Юры распавядае, што яго найбольш уразіла з успамінаў пра паўстанне:

-З гэтых успамінаў мяне самога ўразіла гэтая сцэна, не столькі само паўстанне, а канец. Калі калоны, тысячы людзей, выводзілі за Нарыльск у тундру. А тундра ў чэрвені – гэта сантыметраў дзесяць вады, мох. І людзей станавілі на калені. І вось поле, дзе стаіць тысяч дзесяць людзей. І сотня за сотняй, тысяча за тысячай выходзяць і іх ставяць на калені. І ўся гэтая тундра, гэта нешта містычнае і гэта жах.

Рыгор Клімовіч з’яўляецца аўтарам гімна нарыльскіх паўстанцаў “Не страшны нам тиранства большевизма”. Аўтарства гімна доўгі час трымалася ў таямніцы. І толькі ў 1991 годзе на Кангрэсе ўкраінскіх палітзняволеных імя аўтара гімна стала публічным.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: placenote.info