Гадавіна раскулачвання: што памятаюць на Глыбоччыне?



3 сакавіка 1930 года адбыўся вываз з Беларусі ў Сібір першага эшалона з «раскулачанымі» сялянскімі сем’ямі. Ужо амаль не засталося сведкаў тых падзеяў. Але жывуць яшчэ людзі, якім расказвалі пра тыя часы бацькі, і якія самі засталі часы пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі.

Там здаўна жылі гаспадары, абшчыннага землекарыстання ў іх не існавала. Таму аддаваць нажытае і станавіцца калгаснікамі яны не хацелі.

Тыя часы ўзгадваюць старажылы Глыбоччыны і Шаркоўшчыны.

Ідзем стаіць конь і чалавек у шубе з вінтоўкай стаіць. Ён папрасіў закурыць. Я даў закурыць і кажу ідзём дадому. А той кажа: не, дадому вы не пойдзеце, ідзіце вось у гэты дом. Склікалі сход, трымалі людзей ў хатах і агітавалі ў калгас.  

— Сабралі на той сход, каб у калгас зганяць і усю ноч пратрымалі гэтых людзей. Выступалі там, казалі, што ў нас такая дарагая зямля, што служыць трэба. А потым, як пажылі тыя, што казалі, як цяжка жыць, дык паехалі і пазапісваліся ў Польшчу, а засталася можна сказаць «шантрапа».

— Не хацелі ж ісці ў калгас: плакалі і крычалі. Біць то не былі, але ж лезлі і палохалі, што тое будзе і тое, толькі каб ішлі. Вельмі шкада было, зямлі ж было нямала і коні былі і сячкарня і калёсы — усё пазабіралі. А якое яны мелі права браць?

 

Пад час калектывізацыі ў Беларусі было раскулачана больш за 24 тысячы гаспадарак. Раскулачвалі не толькі кулакоў, але часам і сераднякоў, якія не хацелі ўступаць у калгасы. Пры гэтым выкарыстоўваліся гвалтоўныя метады – арышты, пазбаўленне права голасу, высылка. Савецкая ўлада шляхам прымусу фактычна цалкам змяніла ўклад жыцця мільёнаў людзей. Быў знішчаны тып гаспадара.

Поўны матэрыял слухайце у далучаным аўдыёфайле.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае